Введите верный e-mail адрес
Подписаться
Вы успешно подписались на нашу рассылку

Спорт і правы чалавека: квартальная аналітыка ліпень-верасень 2023

Human Constanta
21 декабря 2023 Года

Сьпіс абрэвіятур

ААН – Арганізацыя Аб’яднаных Нацый 

МАК – Міжнародны Алімпійскі Камітэт

РФС – Расейскі футбольны саюз

УАФ – Українська асоціація футболу

ЭСПЧ – Эўрапэйскі суд па правах чалавека

FAZ – Football Federation of Zambia

FIA – Fédération Internationale de l’Automobile

FIFA – Fédération Internationale de Football Association 

FIFPRO – Fédération Internationale des Associations de Footballeurs Professionnels 

FRF – Federaţia Română de Fotbal

HFF – Hellenic Football Federation 

LFP – Ligue de Football Professionnel

NCAA – National Collegiate Athletic Association 

NFF – Nigeria Football Federation 

SAFA – South African Football Association 

SAFPU – South African Football Players Union

UEFA – Union of European Football Associations

USSF – United States Soccer Federation 

WADA – World Anti-Doping Agency 

Чытайце нашу аналітыку ў фармаце PDF:

Уводная

У аналітыцы за ліпень-верасень 2023 года мы прааналізавалі найбольш значныя падзеі і навіны ў спорце праз прызму міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека.

У Беларусі працягваюцца затрыманьні прадстаўні_ц спартовай індустрыі па шэрагу падстаў: садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, удзел у мірных акцыях пратэсту пасьля прэзідэнцскіх выбараў 2020 года, падтрымка Украіны і асуджэньне паўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Украіну і іншыя, што зьяўляецца фактам парушэньня цэлага шэрагу правоў чалавека. Актуальным застаецца пытаньне допуску беларускіх і расейскіх спарто_вакўцаў] да міжнародных стартаў.

У аналізаваны перыяд адбылося колеч важных падзеяў, зьвязаных з гендэрнай роўнасьцю ў спорце. ЭСПЧ сваім рашэньнем узмацніў абарону правоў інтэрсэксуал_ак у спорце (у тым ліку іх права на недыскрымінацыю і фізічную недатыкальнасьць). Таксама была ўведзена першая ў гісторыі адкрытая спаборніцкая катэгорыя для ўдзелу трансгендэрных спартсмэн_ак, а ў сьвеце кіберспорту робяцца намаганьні з мэтай прасоўваньня жаночага футбола.

З ліпеня па жнівень 2023 года адбылася адна з самых чаканых спартовых падзеяў лета – Чэмпіянат сьвету па жаночым футболе. Нягледзячы на ​​тое, што прызавы фонд сёлета ў 3 разы перавышае паказчыкі папярэдняга Чэмпіянату сьвету, гэтая сума ўсё яшчэ ў 4 разы ніжэй за агульную суму прызавых для мужчынскага Чэмпіянату, як і аплата працы ў жаночым футболе ва ўсім сьвеце. Жанчыны ва ўсіх відах спорту да гэтага часу падвяргаюцца няроўнасьці ў аплаце і ўмовах працы, а таксама іншым парушэньням правоў чалавека. У аналітыцы мы разгледзелі прыклады барацьбы жанчын з няроўнасьцю і падзяліліся посьпехамі, якіх ім атрымалася дасягнуць.

Дамаганьні – яшчэ адна актуальная праблема жаночага спорту, якая закранае асноўныя прынцыпы роўнасьці, годнасьці і недыскрымінацыі. Самым гучным скандалам за аналізаваны перыяд стаў нежаданы пацалунак паміж прэзідэнтам Федэрацыі футбола Гішпаніі Luis Rubiales і футбалісткай Jennifer Hermoso пасьля перамогі Гішпаніі на Чэмпіянаце сьвету.

У аналізаваны перыяд адбылося некалькі інцыдэнтаў, зьвязаных з актыўнасьцю футбольных заўзятар_ак – ад палітычных выказваньняў на стадыёнах да трагедыі, якая скончылася сьмерцю адн_ой з заўзятар_ак. Гэтыя падзеі нагадваюць аб неабходнасьці ўключэньня усіх зацікаўленых актар_ак ў працэс забесьпячэньня бясьпекі на спартовых мерапрыемствах.

У нашым матэрыяле мы таксама разгледзелі навіны па тэмах вайны Расеі супраць Украіны, права на здароўе, праблемы таксічнасьці і гамафобных выказваньняў у футбольным асяроддзі і ня толькі.

Што ня так з правамі чалавека ў спорце ў Беларусі?

Чарговая хваля затрыманьняў адбылася ў ФК «Нёман». Былі затрыманыя трэнер і адміністратарка СДЮШАР Dzmitry Belski і Julia Arlashina. Іх прымусілі запісаць так званае «пакаяльнае» відэа, апублікаванае ў адным з Telegram-каналаў, у якім супрацоўні_цы кажуць, што былі затрыманыя за падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы. Відэа таксама змяшчала подпіс: «Нёман» упэўнена рухаецца ў Лізе Канферэнцый, таму што сілавікі зачышчаюць клюб ад бчб-цьвілі». У нашым папярэднім матэрыяле мы дзяліліся навіной аб затрыманьні ў чэрвені Dzmitry Kovalyonak, якога таксама прымусілі запісаць «пакаяльнае» відэа. Абодва інцыдэнты зьяўляюцца парушэньнем свабоды чалавека ад прыніжаючага годнасьць абыходжаньня і свабоды выказваньня меркаваньня  і патрабуюць увагі і ацэнкі з боку UEFA. Нагадаем, што UEFA называюць прынцып павагі правоў чалавека адным з асноўных прынцыпаў сваёй працы, а таксама сьцьвярджаюць, што імкнуцца забясьпечыць бясьпечны і справядлівы доступ да гульні, роўна як і бясьпечнае і інклюзіўнае працоўнае асяродьдзе ў футболе.

За ўдзел у мірных акцыях пратэсту пасьля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года быў затрыманы трэнер акадэміі ФК «Дынама-Мінск» Artur Mustyhin. Яго таксама прымусілі запісаць «пакаяльнае» відэа, у якім Mustyhin кажа, што ўдзельнічаў у адной акцыі пратэсту пасьля выбараў 2020 года і дасылаў інфармацыю ў чат-бот ініцыятывы «Голас». Цяпер трэнеру пагражаюць крымінальнай справай.

Адбыўся суд над чэмпіёнам Гомеля па шахматах Valery Jarotski. Спартоўца абвінавацілі ў паклёпе па артыкуле 188 КК РБ і паклёпе ў дачыненьні да прэзідэнта па артыкуле 367 КК РБ. Jarotski быў адпраўлены на прымусовае лячэньне ў псіхіятрычную лякарню. Спартовец таксама трапіў у «пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці», у які на гэты момант унесены 3520 чалавек.

13 сутак содняў арышту прысудзілі бегуну на доўгія дыстанцыі Andrej Bierazouski. Спартовец апублікаваў на уласнай старонцы ў Facebook сваю фатаграфію з подпісам «Слава Украіне» на сіне-жоўтым фоне, што было расцэнена як «выказваньне грамадзянска-палітычных, асабістых і іншых інтарэсаў» і што суд палічыў «правапарушэньнем».

Спартовы блогер Dzmitry Sielviestruk патрапіў пад крымінальны перасьлед за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Sielviestruk зьяўляецца экс-супрацоўнікам «Народнай газеты», а таксама вёў свой Telegram-канал «Срэбраны век. Футбол Беларусі», дзе публікаваў аналітычныя матэрыялы на тэму беларускага футбола. Sielviestruk быў затрыманы ў пачатку траўня, але абставіны крымінальнай справы дагэтуль невядомыя. Блогеру можа пагражаць да 6 год калёніі.

Бодыбілдар Aliaksandr Sharabaiko быў асуджаны да 1,5 год калёніі за «абразу Прэзідэнта». Sharabaiko удзельнічаў у мірных пратэстах 2020 года ў Беларусі, за што неаднаразова атрымліваў содні. Бодыбілдар быў затрыманы ў сакавіку 2023 года і атрымаў 10 сутак содняў арышту за «распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пазьней яго перавялі ў СІЗА, дзе яму выставілі абвінавачаньне і распачалі крымінальную справу.

Вышэйапісаныя падзеі сведчаць аб працягваючыгся трыванні грубых парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі: права на свабоду мірных сходаў, свабоды выказваньня меркаваньня і свабоды ад прыніжаючага годнасьць абыходжаньня. Дэ-факта ўлады Беларусі працягваюць перасьледваць нязгодных з рэжымам прадстаўні_ц спартовай індустрыі і пазбаўляць іх права на прафэсію.

Міжнародная федэрацыя водных відаў спорту (World Aquatics) прынялі комплекс крытэраў, якія дазваляюць спартоў_кам зь беларускім і расейскім спартовым грамадзянствам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у нэўтральным статусе. У дакумэнце, які набыў сілу 4 верасьня 2023 года, гаворыцца, што спартсмэн_кі [спартоўцы і спартоўкі] (і іх «дапаможны пэрсанал») зь Беларусі і Расеі змогуць спаборнічаць ва ўсіх дысцыплінах World Aquatics, калі яны:

  • выконваюць усе правілы World Aquatics;
  • не маюць кантракта з расейскімі ці беларускімі вайсковымі ці іншымі органамі нацыянальнай бясьпекі;
  • не падтрымліваюць вайну ва Украіне (у любой форме);
  • выконваюць антыдопінгавыя правілы.

Пасьля атрыманьня спартоў_камі нэўтральнага статусу падчас правядзеньня спаборніцтваў забараняецца выкарыстоўваць сьцягі, гімны Беларусі і Расеі, іншую адметную нацыянальную сімволіку; форма спарто_вак і дапаможнага пэрсанала павінна быць белага колеру і ўхваленай World Aquatics; спартоў_кам і іх дапаможнаму пэрсаналу забаронена даваць інтэрвію СМІ. На спаборніцтвы World Aquatics у кожным з відаў можа быць заяўлена ня больш за адн_у спартсмэн_ку зь беларускім або расейскім спартовым грамадзянствам (што пазбаўляе атлет_ак магчымасьці ўдзелу ў спаборніцтвах у такіх відах спорту, як сінхроннае плаваньне (дуэт і група) і парныя скачкі ў ваду). Гэты дакумэнт быў прыняты ў адпаведнасьці з рэкамендацыямі МАК ад 28 сакавіка 2023 года.

Прапанаваныя World Aquatics умовы зьяўляюцца дастаткова канкрэтнымі і кампраміснымі ў перыяд ваенных дзеяньняў Расеі ва Украіне, прадстаўляючы рэальную магчымасьць для ўдзелу спартсмэн_ак зь Беларусі і Расеі ў стартах. Аднак, як і раней, расейскія прадстаўні_цы спартовай індустрыі адрэагавалі на ўмовы World Aquatics вельмі негатыўна: галоўная трэнерка зборнай Расеі па скачках у ваду Svetlana Moiseeva назвала іх «суцэльнай дыскрымінацыяй», а двухразовы алімпійскі чэмпіён па скачках у ваду Dmitry Sautin – «ціхім жахам»; алімпійская чэмпіёнка і дэпутатка Дзярждумы Расеі Svetlana Zhurova заявіла, што сінхроннае плаваньне зьяўляецца «часткай расейскай культуры», «культурным кодам», і такім чынам, World Aquatics хочуць забараніць расейскую культуру. Падобная пазыцыя ўладаў Расеі і дэ-факта ўладаў Беларусі можа прывесьці да таго, што спартсмэн_кі з гэтых стран будуць цалкам пазбаўлены магчымасьці ўдзелу ў міжнародных стартах.

Гендэрная роўнасьць

Caster Semenya выйграла ў ЭСПЧ справу, зьвязаную з допускам да стартаў спартсмэн_ак з павышаным узроўнем тэстастэрону. Суд устанавіў, што мела месца парушэньне забароны дыскрымінацыі (арт. 14 ЭКПЧ) і права на павагу прыватнага жыцьця (арт. 8 ЭКПЧ). Акрамя таго, было ўстаноўлена парушэньне права на эфектыўны сродак прававой абароны (арт. 13 ЭКПЧ) у дачыненьні да артыкула 14 у сукупнасьці з артыкулам 8 ЭКПЧ. Абодва гэтыя парушэньні зьвязаныя з адсутнасьцю «дастатковых інстытуцыйных і працэсуальных гарантый у Швэйцарыі для таго, каб дазволіць эфектыўна разгледзець яе [Semenya] скаргі, тым больш, што яе скаргі тычыліся абгрунтаваных і годных даверу заяваў аб дыскрымінацыі».

Нягледзячы на тое, што рашэньне суда заснавана на адсутнасьці працэсуальных і інстытуцыйных сродкаў абароны ад дыскрымінацыі, яно зьяўляецца сігналам таго, што правы інтэрсэксуал_ак у спорце (у тым ліку іх права на недыскрымінацыю і фізічную недатыкальнасьць) абараняюцца ЭСПЧ.

На Кубку сьвету па плаваньні, які пройдзе 6-8 кастрычніка 2023 года ў Берліне, упершыню будзе прадстаўлена адкрытая катэгорыя з удзелам трансгендэрных спартсмэн_ак. Падрабязная інфармацыя аб патрабаваньнях да ўдзельні_ц спаборніцтваў будзе апублікавана ў бліжэйшы час, гаворыцца на сайце World Aquatics. Раней World Aquatics таксама апублікавалі абнаўлённую Палітыку допуску да ўдзелу ў мужчынскіх і жаночых спаборніцкіх катэгорыях. World Aquatics стала першай міжнароднай спартовай федэрацыяй, якая прыняла дакумэнт па пытаньні гендэрнай роўнасьці. У нашым матэрыяле «Паняцьце гендэра ў прафэсійным спорце: ці ёсьць сумленная гульня за межамі бінарнай гендэрнай сістэмы?» мы ўжо казалі аб тым, што існуе мноства фактараў, акрамя ўзроўню тэстастэрону, якія ўплываюць на паказчыкі спартсмэн_ак, такія як умовы трэніровак, фінансаваньне, наяўнасьць доступу да іншых рэсурсаў, а выключэньне DSD (differences of sex development), небінарных і трансгендэрных спартсмэн_ак зьяўляецца парушэньнем права на свадобу ад дыскрымінацыі.

Выдавец відэагульняў EA Sports у гэтым годзе ўпершыню выпускаюць футбольны сімулятар пад тэгам FC 24 (пасьля спыненьня супрацоўніцтва ў галіне відэагульняў з FIFA). У гульні ёсьць рэжым Ultimate team, сутнасьць якога палягае ў тым, каб сабраць сваю ўласную каманду з гул_інь розных клюбаў. Гэта самы папулярны рэжым у гульні і зьяўляецца асновай кіберспартовага складніка франшызы футбольнай відэагульні EA Sports FC. З гэтага года ў рэжыме Ultimate team упершыню будуць даступны футбалісткі, што дазволіць складаць аб’яднаныя каманды.

Сярод карыстальні_ц гэтая навіна выклікала неадназначную рэакцыю. Крытык_іні сьцьвярджаюць, што «жанчыны-гульцы не адпавядаюць узроўню сваіх калег-мужчын і не павінны атрымліваць аналягічныя рэйтынгі, паколькі яны не могуць рэальна канкураваць з мужчынамі». Працілеглы аргумэнт складаецца ў тым, што жаночы спорт заслугоўвае большага прызнаньня і гэта першы крок да павелічэньня папулярнасьці і прызнаньня жаночага боку гульні ў індустрыі відэагульняў.

EA Sports заявілі, што «распрацоўшчы_цы цьвёрда настроены на выкарыстаньне сваёй гульні для прасоўваньня жаночага футбола» і што ў кампаніі будуць «выкарыстоўваць новыя тэхналёгіі для барацьбы з таксічнымі паводзінамі ў Інтэрнэце», якіх яны чакаюць у самых розных формах пасьля выхаду FC 24.

Кіберспорт набыў вялікую папулярнасьць у апошнія дзесяцігодьдзі. Аднак, таксічнасьць і сэксізм – дзьве найбольш папулярныя і характэрныя праблемы ў сьвеце кіберспорту. У гэтым відзе спорту часта можна сутыкнуцца з дыскрымінацыяй, абразамі і неспартовымі паводзінамі. Спаборніцкае асяроддзе безумоўна можа падвышаць узровень таксічнасьці, паколькі гул_іні, як і любыя іншыя спартсмэн_кі, часта выпрабоўваюць моцны стрэс, расчараваньне і ціск. Таксама адсутнасьць неабходнага кантролю за выкананьнем правіл у кіберспорце стварае спрыяльнае асяродьдзе для неспартовых паводзін. Нягледзячы на ​​тое, што адсоткавыя суадносіны гульцоў і гулінь у геймінгу ў шырокім сэнсе па пэўных дасьледаваньнях бадай роўнае, кіберспорт традыцыйна лічыцца мужчынскім відам спорту, што прыводзіць да няроўных адносін і няроўных магчымасьцяў для прафэсійных гулінь – няроўная аплата працы, цкаваньне і аб’ектывізацыя.

Правы жанчын ў спорце

У 2023 годзе дагэтуль зьяўляюцца навіны, загалоўкі якіх расказваюць аб тым, што жанчыны дамагліся чаго-небудзь чагосьці «упершыню ў гісторыі», у тым ліку, у спартовай індустрыі. У нашым матэрыяле прыведзены прыклады такіх навін за аналізаваны перыяд.

Hannah Dingley увайшла ў гісторыю, як першая жанчына на пасадзе галоўнай трэнеркі прафэсійнай ангельскай мужчынскай каманды. А Sarina Wiegman была адзінай трэнеркай на этапе чвэрцьфіналу ЧС па футболе сярод жанчын. Haley Van Voorhis стала першай жанчынай-футбалісткай, якая выйшла на поле ў футбольным матчы NCAA не ў пазыцыі кікера. Sophia Floersch стала першай жанчынай, якая набрала ачкі ў FIA Formula 3. Joy Neville таксама ўвойдзе ў гісторыю як першая жанчына-судьдзя на Кубку сьвету па рэгбі сярод мужчын 2023 года. А Nouhaila Benzina, мараканская футбалістка, стала першай гуліняй, якая надзела хіджаб на ЧС па футболе сярод жанчын. Пасля гэтага EA Sports дадалі абнаўленьне ў відэагульню FIFA 23, таксама апрануўшы на мадэль гуліні хіджаб.

Падобныя навіны безумоўна сведчаць аб посьпехах, якіх дамагаюцца жанчыны ў сьвеце спорту, але ў той жа час гэта сведчыць і аб праблемах, з якімі яны сутыкаюцца. Той факт, што ў пэўных вобласьцях жанчыны да гэтага часу зьяўляюцца «першапраходцамі», падкрэслівае гендэрную няроўнасьць, якая захоўваецца, у тым ліку, у сфэры спорту. Сярод прычын гэтай праблемы можна назваць недастатковую прадстаўленасьць жанчын на ключавых ролях і пасадах, сацыяльныя нормы і чаканьні, стэрэатыпы. Жанчыны, якія даюць рады гэтым бар’ерам, могуць стаць ралявымі мадэлямі і натхніць новыя пакаленьні на сістэматычныя зьмены, каб такія «першыя дасягненьні» сталі нормай, а не выключэньнем.

Узорам прасоўваньня роўнасьці і інклюзіі стаў сумесны тур Levi’s і FC St. Pauli па Вялікай Брытаніі “Football Has No Gender” у падтрымку гендэрнай роўнасьці ў футболе. Падчас туру былі праведзены тры таварыскіх гульні. Пасьля першай з іх прадстаўні_цы FC St. Pauli і Clapton Community FC сустрэліся ў рамках панэльнай дыскусіі, каб абмеркаваць праблемы, якія перашкоджваюць прасоўваньню роўнасьці. Абмяркоўвалісь адсутнасьць бачнасьці жаночага футболу ў медыя і неабходнасьць «вучыцца на памылках» мужчынскага футболу, у прыватнасьці, ня быць «апантанымі прыбыткам». Таксама былі закрануты тэмы наяўнасьці футболу нізавага ўзроўню і разнастайнасьці ў жаночай гульні. Удзельні_цы хацелі прыцягнуць увагу да жаночай гульні, жаночага футболу і надаць імпульс жаночай гульні.

Адной з самых значных падзеяў у спорце за аналізаваны перыяд без сумневаў зьяўляецца Чэмпіянат сьвету па футболе сярод жанчын 2023 года, які стаў самым пасьпяховым за ўсю яго гісторыю. У нашым матэрыяле мы раскажам пра найбольш значныя падзеі, якія адбыліся падчас турніру з пункту гледжаньня правоў чалавека.

Нягледзячы на ​​тое, што да моманту пачатку ЧС адбыліся зьмены пэўных умоваў правядзеньня турніру, напрыклад, агульная сума прызавых была павялічана ў тры разы, асобныя зборныя працягваюць сутыкацца з праблемамі, зьвязанымі з аплатай працы.

Жаночая зборная ПАР байкатавала свой таварыскі матч з Батсванай з-за спрэчак аб аплаце працы. Матч павінен быў стаць падрыхтоўкай каманды да турніру, а таксама правадамі перад удзелам у ЧС. З-за байкоту з боку гулінь ПАР галоўнай трэнерцы Desiree Ellis прыйшлося сабраць імправізаваную каманду, у якую ў тым ліку ўвайшла 13-гадовая гуліня. Каментароў з боку трэнеркі наконт адсутнасьці каманды на полі не было. Thulaganyo Gaoshubelwe, прэзідэнт SAFPU, наадварот выказаўся ў падтрымку гулінь, заявіўшы, што неабходна змагацца за іх правы. Спартсмэнкі заяўлялі аб адсутнасьці празрыстасьці ў працэсе падпісаньня кантрактаў з SAFA. Яны таксама былі незадаволеныя стадыёнам, на якім праводзіўся іх матч перад ад’ездам на турнір – яго паверхня складалася з гліны і травы, што падвышала рызыку атрыманьня траўмаў, акрамя таго, ён быў разлічаны максімум на 5000 глядач_ак, што, на думку гулінь, не адпавядала ўзроўню посьпеху каманды. Ад_на з прадстаўні_ц SAFA назва_ла гулінь «наймітамі» і «здрадніцамі». Міністр спорту ПАР Zizi Kodwa прапанаваў зладзіць сустрэчу з SAFA і SAFPU, каб разабрацца ў сітуацыі.

Каманда зборнай Нігерыі прыбыла на ЧС, знаходзячыся на мяжы байкоту матчаў з-за праблем з NFF з нагоды аплаты працы: некаторым пэўным гуліням не плацілі заробак на працягу двух год. Падчас Чэмпіянату сьвету гуліні вырашылі заставацца засяроджанымі на сваёй гульні, ня робячы публічных заяваў аб гэтай праблеме. Аднак адразу пасьля заканчэньня свайго ўдзелу FIFPRO апублікавалі афіцыйную заяву, у якой выказалі падтрымку футбалісткам і ўзялі пад свой кантроль выкананьне абавязацельстваў па аплаце працы з боку NFF. Хоць FIFA сёлета павялічылі агульную суму прызавых і будуць выдзяляць грошы для федэрацый і гулінь асобна (кожная гуліня павінна атрымаць мінімум 30 000 даляраў), грошы па-ранейшаму будуць накіраваны праз федэрацыі. Гэта не дае спартсмэнкам такіх краін, як Нігерыя, дзе існуе праблема адсутнасьці празрыстасці, упэўненасьць у тым, што яны атрымаюць свае грошы.

На гэтым ЧС наймацнейшую падтрымку жаночая зборная ЗША атрымала ад мужчынскай зборнай ЗША – амэрыканскія футбалісты як ніколі раней былі зацікаўлены ў найлепшых выніках гулінь. Справа ў тым, што жаночая і мужчынская зборныя заключылі калектыўнае пагадненьне (Collective-bargaining agreement – CBA), згодна з якім USSF атрымае 10% ад прызавога фонду за ЧС-2022 і ЧС-2023, а астатнія 90% будуць размеркаваны пароўну паміж мужчынскай і жаночай зборнымі. Гэта значыць, чым лепш выступіць кожная каманда, тым больш атрымаюць гульцы і гуліні. CBA – дастаткова выгаднае рашэньне для абедзьвюх каманд і першае пагадненьне такога кшталту для забесьпячэньня роўнай аплаты для мужчын і жанчын. CBA будзе дзейнічаць да 2028 года. За сітуацыяй будзе цікава назіраць у тым ліку і таму, што Gianni Infantino заявіў, што FIFA будуць імкнуцца забясьпечыць роўную суму прызавога фонду да Чэмпіянатаў 2026 і 2027 гадоў. 

Падчас ЧС таксама адбыліся падзеі, якія прымусілі ўрады стран і спартовыя федэрацыі задумацца аб зьмене правіл гульні.

Напрыклад, дзіўны вынік паказала зборная Ямайкі – яны прайшлі да 1/8 сусьветнага фіналу ўпершыню ў сваёй гісторыі. Мэнэджар зборнай Lorne Donaldson выказаўся аб неабходнасьці падтрымліваць жаночы футбол, у прыватнасьці, у невялікіх краінах, такіх, як Ямайка.

Зборная Аўстраліі таксама паказала высокі вынік, следствам чаго стала абяцаньне прэм’ер-міністра Anthony Albanese выдзяліць 200 млн. даляраў на развіцьцё жаночага спорту, у тым ліку «забесьпячэньне роўнага доступу, будаўніцтва больш прыдатных аб’ектаў і падтрымку нізавых ініцыятываў, накіраваных на тое, каб жанчыны і дзяўчынкі займаліся спортам, заставаліся і ўдзельнічалі ў ім на працягу ўсяго свайго жыцьця».

На ЧС-2022 сярод мужчын капітанам каманд было забаронена насіць вясёлкавыя павязкі і павязкі OneLove у падтрымку ЛГБТК+ супольнасьці. Шмат хто чакалі, што забарона будзе дзейнічаць і на ЧС сярод жанчын. Аднак, FIFA распрацавалі новы дызайн капітанскіх павязак, адзін з якіх уключае ў сябе вясёлкавыя колеры, але не цалкам ідэнтычныя да звыклай выявы гонару. Падчас турніру былі заўважаны таксама іншыя заявы ў падтрымку ЛГБТК+ супольнасьці. Напрыклад, капітанка зборнай Новай Зеляндыі Ali Riley падчас інтэрвію пасьля гульні была заўважана з лакам для пазногцяў у колерах флага Progress Pride. Яна сказала: «Я б хацела, каб мы, капітан_кі, сабраліся разам і працавалі з FIFA, каб пераканацца, што ў нас ёсьць права голасу і мы можам падзяліцца тым, у што мы верым. Але я ўпэўнена, што мы знойдзем спосабы, нягледзячы ні на што, зрабіць так, каб нашыя галасы былі пачутыя». Thembi Kgatlana насіла вясёлкавую стрыжку падчас турніру. А ў Брысбене вясёлкавымі колерамі асьвятлілі стадыён перад матчам Ангеліі супраць Гаіці. Па дадзеных Outsports, у гэтым годзе ў Чэмпіянаце сьвету ўдзельнічае найбольшая колькасьць гул_інь, якія адкрыта заявілі аб сваёй арыентацыі, за ўсю гісторыю турніру – не меньш за 96, што складае больш за 13% ад ліку ўсіх спартсмэн_ак, якія прымаюць удзел у турніры.

Жаночая зборная Бразіліі прыбыла ў Аўстралію на ЧС на самалёце з заявай у падтрымку пратэстуючых у Іране. На самалёце былі намаляваныя асобы Mahsa Amini і Amir Nasr-Azadani, а таксама надпісы «ні адну жанчыну нельга прымушаць пакрываць галаву» і «ніводны мужчына не павінен быць павешаны за такія словы». У верасьні мінулага года ў Іране прайшлі маштабныя пратэсты пасьля таго, як стала вядома аб сьмерці Amini пасьля затрыманьня «паліцыяй норава» за «неналежнае нашэньне хіджабу» (з яго выбіваліся пасмы валасоў). Azadani – былы футбаліст, быў затрыманы падчас пратэстаў і асуджаны на 26 год турмы. Нагадаем, “Unite for Ending Violence Against Women” – адзін з альтэрнатыўных лозунгаў, прапанаваных FIFA. Рашэньне зборнай Бразіліі выступіць з такой заявай зьяўляецца выдатным прыкладам салідарнасьці ў барацьбе за правы і свабоды чалавека.

Фінал Чэмпіянату сьвету быў азмрочаны скандальным эпізодам. Прэзідэнт Федэрацыі футбола Гішпаніі Luis Rubiales патрапіў пад крытыку пасьля таго, як пацалаваў у вусны нападаючую Jennifer Hermoso пасьля перамогі Гішпаніі на ЧС. Пацалунак, які адбыўся на сцэне падчас афіцыйнага сьвяткаваньня пасьля гульні, быў зьняты на камеры і выклікаў хвалю абурэньня ў сацсетках. Міністрка па пытаньнях раўнапраўя ў часовым урадзе Гішпаніі Irene Montero апісала гэта як «форму сэксуальнага гвалту, ад якога мы, жанчыны, пакутуем штодня і да гэтага былі незаўважныя». Першапачаткова Rubiales запісаў відэазварот, у якім прызнаў, што здзейсніў памылку, і папрасіў прабачэньня. 24 жніўня Дысцыплінарны камітэт FIFA паведаміл Rubiales аб пачатку дысцыплінарнага разбіральніцтва ў дачыненьні да яго, бо падзеі, якія адбыліся падчас фіналу ЧС, могуць уяўляць сабой парушэньне пунктаў 1 і 2 артыкула 13 Дысцыплінарнага кодэкса FIFA («абразлівыя паводзіны і парушэньне прынцыпаў сумленнай гульні»). У футбольнай супольнасьці шмат хто чакаў адстаўкі Rubiales. 25 жніўня падчас пазачарговага агульнага сходу футбольнай федэрацыі Гішпаніі Luis Rubiales заявіў, што не сыдзе ў адстаўку (паўтарыўшы гэта 5 разоў), а ўсё, што адбываецца, назваў «паляваньнем на ведзьмаў». На той момант Старшыня Дысцыплінарнага камітэта FIFA Jorge Ivan Palacio прыняў рашэньне аб часовым адхіленьні Luis Rubiales (на 90 дзён) ад любой футбольнай дзейнасьці на нацыянальным і міжнародным узроўнях да завяршэньня дысцыплінарнага разбору. 10 верасьня Rubiales падаў у адстаўку з пасады прэзідэнта RFEF, а таксама з пасады віцэ-прэзідэнта UEFA, не дачакаўшыся рашэньня Дысцыплінарнага камітэта.

Дамаганьні ў спорце

FIFA будуць расследаваць скаргу, пададзеную на трэнера зборнай Замбіі па футболе Bruce Mwape, па абвінавачаньні ў сэксуальным дамаганьні. Меркаваны інцыдэнт адбыўся пасьля адной з трэніровак падчас ЧС – некалькі гулінь бачылі, як трэнер пакратаў грудзі адной з іх сукамандніц. FIFA пацьвердзілі, што атрымалі афіцыйную скаргу. Генеральны сакратар FAZ Reuben Kamanga, наадварот, заявіў, што FAZ не атрымлівалі падобнай скаргі ні ад гулінь, ні ад афіцыйных прадстаўні_ц дэлегацыі на ЧС, таму такая навіна стала для іх «нечаканасьцю». Аднак, Kamanga запэўніў, што ў федэрацыі да падобных абвінавачаньняў ставяцца сур’ёзна і гатовыя адрэагаваць на любыя неправамерныя паводзіны. У верасьні 2022 года ў дачыненьні да Mwape (і яшчэ аднаго трэнера, Kaluba Kangwa, які неўзабаве пакінуў сваю пасаду) ужо паступалі абвінавачаньні ў сэксуальным гвалце. Таксама адна з гулінь падзялілася з The Guardian: «Калі ён [Mwape] хоча пераспаць з кімсьці, ты павінна сказаць “так”. У нашай камандзе гэта нармальна, што трэнер сьпіць з гулінямі». Mwape усе гэтыя абвінавачаньні абвяргае. На гэты момант расследаваньне працягваецца.

У Гішпаніі Вярхоўны суд падтрымаў прысуд, вынесены фізіятэрапеўту FC Barcelona за сэксуальны гвалт над пацыенткай – 4 гады турэмнага зьняволеньня, пазбаўленьне права займацца прафэсійнай дзейнасьцю осьцеапата або фізіятэрапэўта тэрмінам на 2 гады і кампэнсацыя ў памеры 10 000 эўра. Пацыентцы неабходна было праходзіць сеансы масажу для лячэньня захворваньня шыйкі маткі. Аднак асуджаны фізіятэрапеўт Jaume J. Ll. на адным з сеансаў спрабаваў масажаваць вобласьць жывата пацыенткі, спускаючыся да лабка, а падчас наступнага сеансу – дакрануўся да грудзей і клітара, без яе згоды. Пасьля гэтага ў жанчыны развілося засмучэньне адаптацыі з рэактыўнай трывогай і 2 месяцы яна знаходзілася на бальнічным. Jaume J. Ll спрабаваў растлумачыць факты судовай справы прафэсійным абгрунтаваньнем, сьцьвярджаючы, што ягоныя дзеяньні былі апраўданыя з пункту гледжаньня здароўя; заявы пацыенткі аб дакрананьнях да грудзей і клітара ён назваў ілжывымі. Суд падкрэслівае, што спосаб масажу не адпавядаў болю, які адчувала пацыентка. Фізіятэрапэўт_кі ў сваёй працы павінны прытрымлівацца строгіх этычных і прафэсійных стандартаў для абароны правоў атлет_ак на годнасьць і асабістую недатыкальнасьць, мэнтальнае здароўе, абарону ад дыскрымінацыі. У выпадках жа злоўжываньня не павінна быць іншых зыходаў, акрамя як справядлівага рашэньня суда.

Дамаганьні ў спорце – гэта распаўсюджаная праблема, якая закранае асноўныя прынцыпы роўнасьці, годнасьці і недыскрымінацыі. Вырашэньне гэтай праблемы патрабуе комплекснага падыходу, што мае пад сабой распрацоўку дакладных палітык па барацьбе з дамаганьнямі, праграм навучаньня і асьветы, мэханізмаў правапрымяненьня і справаздачнасьці для барацьбы з дамаганьнямі і прасоўваньня каштоўнасьцей роўнасьці і годнасьці ў сьвеце спорту.

Бясьпека, абарона і абслугоўваньне падчас спартовых мерапрыемстваў

7 жніўня 2023 года кваліфікацыйны матч Лігі Чэмпіёнаў паміж FC AEK і FC Dinamo Zagrzeb быў перанесены, бо ў выніку нажавых раненьняў памёр 29-гадовы мужчына. Паліцыя паведаміла, што ад 100 да 120 заўзятар_ак Dinamo зьявіліся позна ўвечары ў панядзелак каля стадыёна АЕК, дзе сабраліся заўзятар_кі АЕК. Сутыкненьні ўспыхнулі больш чым праз гадзіну пасьля таго, як скончылася трэніроўка каманды гасьцей і каманда пакінула стадыён. Заўзятар_кі з абодзьвух бакоў кідалі фаеры, самаробную выбухоўку і камяні. Тры грэчаскія і пяць харвацкіх заўзятара таксама атрымалі раненьні і знаходзяцца на лячэньні, а 98 чалавек былі арыштаваны. Грэчаскі футбол пакутуе ад гвалту на полі і за яго межамі, і ўлады неаднаразова абяцалі навесьці парадак у гульні. Бойкі паміж заўзятар_камі часта адбываюцца да або пасьля гульні, нягледзячы на вялікія штрафы.

Пасьля футбольнага матча Śląsk-Zagłębia ва Уроцлаве адбыўся непрыемны інцыдэнт: адзін з заўзятар_ак забраў клюбны шалік Śląsk у беларуса за тое, што ён «размаўляў са сваім сябрам па-расейску». Пра гэта мужчына, які заўзяе за клюб ужо 2 гады, падзяліўся ў сваім акаўнце ў сацсетцы X. Трэд беларуса сабраў 321 тысячу праглядаў; у каментарах да яго былі як словы падтрымкі і спагады, так і абразы і ўхваленьне ўчынку заўзятара. На інцыдэнт зьвярнулі ўвагу і ў кіраўніцтве клюба – дырэктар па камунікацыях Patryk Załęczny папрасіў прабачэньня ад імя клюба і запрасіў прыйсьці за новым «спецыяльна падрыхтаваным шалікам».

Гэта не першы выпадак праявы дыскрымінацыі сярод заўзятар_ак Śląsk. На гэтым жа матчы былі заўважаныя антыўкраінскія банэры: «Спыніце ўкраінізацыю Польшчы», «Украінцы забівалі дзяцей на Валыні», «80 год ганебнага маўчаньня Валыні» і інш.

У Казані пасьля гульні за Суперкубак Расеі па футболе паміж «ЦСКА» і ФК «Зеніт» затрымалі 196 фанат_ак; на 30 з іх склалі пратаколы аб прапагандзе і публічнай дэманстрацыі нацысцкай сімволікі. Адметнай асаблівасьцю дадзенага матчу зьяўлялася тое, што для яго наведваньня не патрабавалася наяўнасьць пасьведчаньня заўзятар_цы – Fan ID. Атрыманьне дадзенага дакумэнта байкатуе актыўная частка фанат_ак. Сітуацыя з затрыманьнем заўзятар_ак у Казані паказвае, што ўвядзеньне дадатковага кантролю над фанаткамі ня можа быць адзіным сродкам для фарміраваньня інклюзіўнай і бясьпечнай атмасфэры на футбольных матчах.

Матч футбольных зборных Румыніі і Косава быў перапынены з-за акцыі фанат_ак, якія вывесілі банэры «Косава – гэта Сербія» і «Бесарабія – гэта Румынія». UEFA наклалі санкцыі на FRF на 40 000 эўра і загадалі правесьці наступны хатні матч Румыніі, адборачны матч на Эўра супраць Андоры 15 кастрычніка ў Бухарэсьце, без заўзятар_ак. Санкцыі з боку UEFA сьведчаць аб важнасьці сістэмы маніторынгу спартовых падзеяў і непазбежнасьці пакараньня за парушэньні парадку іх правядзеньня.

Праблема праявы дыскрымінацыі з боку заўзятар_ак патрабуе калектыўных намаганьняў – заўзятар_ак, клюбаў, уладаў і грамадства агулам, накіраваных на захаваньне прынцыпаў роўнасьці і годнасьці, каб ўсе людзі маглі атрымліваць асалоду футболам, не асьцерагаючыся дыскрымінацыі або гвалту.

Вайна і спорт

У матэрыяле за папярэдні перыяд мы дзяліліся навіной аб тым, што Прэзідэнт Украіны Volodymyr Zelensky падтрымаў ініцыятыву футбалістаў Shevchenko і ​​Zinchenko аб правядзеньні дабрачыннага матча з мэтай збору сродкаў для аднаўленьня ліцэя ва Украіне. У матчы Game4Ukraine на Stamford Bridge прынялі ўдзел дзясяткі зорак футбола, згуляўшы ў камандах «сініх» і «жоўтых». Па выніку падчас матча было сабрана каля 1 млн. эўра (збор працягваецца). Матч трансліраваўся амаль на 200 краін сьвету. Гульня выкарыстоўвалася таксама як сацыяльны інструмэнт – для напаміну аб тым, што адбываецца ва Украіне, і як можна дапамагчы (пасродкам сацыяльных ролікаў, акцый, спартовых мерапрыемстваў і выступаў артыст_ак).

Падчас матчу Aris-Dinamo Kyiv заўзятар_кі грэчаскага клюба вывесілі банэр “Smash Azov Nazis” («Разграміце нацыстаў Азова»). УАФ накіравалі ліст да UEFA і HFF з просьбай рэакцыі на інцыдэнт. УАФ мяркуюць, што «банэр вырабілі мясцовыя ультрас, якія кантактуюць з расейскімі фан-рухамі, паколькі паведамленьне на банэры цалкам супадае з пасыламі расейскай прапаганды». І хоць банэр прыбралі прыкладна праз 10 хвілін, сам факт гэтага інцыдэнту выклікае турботу з нагоды прапаганды гвалту ў футбольнай супольнасьці і ўспрыманьня падзеяў ва Украіне.

Yelena Isinbaeva, двухразовая алімпійская чэмпіёнка па скачках з тычкай з Расеі, з верасьня 2023 года павінна аднавіць сваю дзейнасьць у МАК. У сувязі з гэтым Украіна папрасіла правесьці праверку наконт таго факту, што Isinbaeva мае званьне маёра. З гэтай нагоды спартсмэнка сама выказалася на сваёй старонцы ва Укантакце, напісаўшы, што яе званьне маёра носіць «намінальны характар», на службе ва ўзброеных сілах Расеі яна не знаходзіцца і ніколі не знаходзілася, і дэпутаткай Дзярждумы не была. Isinbaeva знаходзіцца ў санкцыйным сьпісе Украіны з 26 лютага 2023 года. Афіцыйнай рэакцыі з боку МАК не было, аднак 5 верасьня на сайце быў апублікаваны сьпіс Камісій МАК, у які ўвайшла таксама Yelena Isinbaeva.

У Расеі стартавала Другая ліга па футболе –  трэці па сіле дывізіён у мужчынскім футболе. Другая ліга складаецца з двух дывізіёнаў: А і Б. У сезоне 2023/2024 у дывізіёне Б стартавалі 2 клюбы з Крыма («Севастопаль» і «Рубін» з Ялты). На дадзены момант ёсьць пазыцыя UEFA, дзе гаворыцца аб забароне ўдзелу клюбаў з Крыма ў спаборніцтвах пад эгідай РФС. Нягледзячы на тое, што з 2023 года (сезон 2023/2024) прадстаўнікі РФС сьцьвярджаюць, што рэарганізавалі турніры, і Другая ліга больш не праводзіцца пад эгідай саюза і носіць аматарскі характар, у рэгламенце Лігі А ўказваецца, што РФС ажыцьцяўляе арганізацыю і кантроль за правядзеньнем спаборніцтва. У сваю чаргу, статут FIFA прадугледжвае магчымасьць удзелу каманды з адной дзяржавы ў спаборніцтвах іншай дзяржавы пры згодзе двух бакоў: папярэдняй федэрацыі, членам якой была каманда, і FIFA. У сувязі з гэтым мы лічым, што ў FIFA ёсьць усе падставы для прымянення санкцый у дачыненьні да РФС.

Іншыя парушэньні правоў чалавека ў спорце

У Бразіліі ухвалілі “Vini Jr. Law” – закон, накіраваны на барацьбу з расізмам падчас спартовых мерапрыемстваў. У траўні 2023 года адным з самых гучных скандалаў у футбольным сьвеце была справа “Vinicius Junior”, калі бразільскі футбаліст, нападаючы Real Madrid падвергся расісцкім абразам падчас футбольнага матчу. Пасьля гэтага аб праблеме расізму ў футболе загаварылі зноў, як на ўзроўні міжнародных спартовых арганізацый, так і на ўзроўні ўрадаў. Закон, названы ў гонар футбаліста, прадугледжвае перапыненьне ці спыненьне спартовага мерапрыемства ў выпадках праявы актаў расізму; таксама зьявілася магчымасьць падаваць скаргі ў пракуратуру і іншыя інстанцыі. У Паўднёвай Амерыцы гэты закон зьяўляецца першым такога кшталту.

Сусьветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) падзяліліся вынікамі першага пасяджэньня Кансультатыўнай групы спартсмэн_ак па правах чалавека ў барацьбе з допінгам. Стварэньне сістэмы Першапачатковай ацэнкі ўздзеяньня на правы чалавека (An Initial Human Rights Impact Assessment – IHRIA) было прапанавана «з мэтай забеспячэньня WADA захаваньня і абароны агульнапрызнаных правоў чалавека спартсмэн_ак, паколькі яны ўзначальваюць глабальную сумесную місію па спорце без допінгу», гаворыцца на сайце. На першым пасяджэньні Кансультатыўнай групы былі разгледжаны розныя тэмы – ад Кіраўнічых прынцыпаў ААН у галіне бізнесу і правоў чалавека да вызначэньня прыярытэтнасьці і абмеркаваньня шляхоў вырашэньня патэнцыйных парушэньняў правоў чалавека. На наступным паседжаньні, у верасьні 2023 года, Група плянуюць надаць увагу асобным відам дзейнасьці, якія маюць асабліва высокую рызыку негатыўнага ўплыву на правы чалавека.

57 трыятланіст_ак паскардзіліся на недамаганьне і дыярэю пасьля ўдзелу ў гонцы, якая праводзіцца ў Сандэрлэндзе. Пробы, узятыя за 3 дні да пачатку спаборніцтваў паказалі наяўнасьць калёній кішачнай палачкі, якія амаль у 40 разоў перавышалі паказчыкі папярэдняга месяца. British Thriatlon заявілі, што вынікі іх тэсціраваньня адпавядалі стандартам, а кампанія Northumbrian Water таксама сьцьвярджаюць, што іх віны ў дадзеным інцыдэнце няма. Патэнцыйныя выдаткі ў выпадку адмены спаборніцтваў маглі стаць істотным выпрабаваньнем для арганізатар_ак, аднак яны не апраўдваюць відавочную пагрозу для здароўя атлет_ак, якая зыходзіла ад небясьпечнага асяродьдзя правядзеньня турніру.

Pep Guardiola, галоўны трэнер Manchester United FC, выказаўся аб тым, што скарачэньне колькасьці матчаў у футболе магло б станоўча паўплываць на стан здароўя футбалістаў – як фізічнага, так і мэнтальнага. Турботу з нагоды росту колькасьці матчаў у сезоне і, як следства, перагрузкі, з якой сутыкаюцца спартсмэны, выказалі таксама і іншыя калегі Guardiola. Большая колькасьць матчаў і адсутнасьць дастатковага часу для аднаўленьня павялічвае рызыку траўмаў, а таксама можа прывесьці да выгараньня. Пастаянны ціск, зьвязаны з неабходнасьцю выступаць на высокім узроўні, можа негатыўна адбіцца на мэнтальным стане і ўстойлівасьці гульцоў. Guardiola выказаў меркаваньне, што футбалісты павінны дзейнічаць самастойна, каб зьмяніць сітуацыю, прывёўшы прыклад жаночай зборнай Гішпаніі, якія змаглі дабіцца зьмяненьняў умоваў працы.

Пасьля 45 хвілін гульні падчас матчу Metz-OM лік быў 0:1. Гэта выклікала абурэньне паўабаронцы Metz Kevin N’Doram, якім ён падзяліўся ў перапынку ў інтэрвію Prime Video, сказаўшы: «Нам не хапае характару. Выбачце за выраз, але мы гуляем, як пед*кі…» Гэты гамафобны каментар выклікаў мноства негатыўных рэакцый у сацсетках, таму адразу пасьля заканчэньня матчу N’Doram папрасіў прабачэньня, заявіўшы, што «не хацеў нікога пакрыўдзіць». Аднак прабачэньні не вызвалілі футбаліста ад санкцый. Выказваньне N’Doram было разгледжана Дысцыплінарным камітэтам LFP. Дадзены інцыдэнт можа быць расцэнены як «грубае/абразлівае парушэньне» (дыскваліфікацыя ад 3 да 4 матчаў) або ж як «дыскрымінацыйнае парушэньне» (дыскваліфікацыя да 10 матчаў). На дадзены момант справа знаходзіцца на стадыі расследаваньня. Атмасфэра ў футболе ў цэлым часта зьяўляецца таксічна-маскуліннай, а падобныя выказваньні доўгі час лічыліся нормай. Той факт, што такія дыскрымінацыйныя выказваньні становяцца прадметам рэакцыі з боку грамадскасьці і спартовых федэрацый, зьяўляецца прыкладам пазітыўных зьмен і стварэньня больш інклюзіўнай атмасфэры ў спорце.

У працяг тэмы таксічнасьці ў футбольным асяродьдзі і праблемы гамафобных выказваньняў, мы падзелімся некаторымі вытрымкамі з інтэрвію ангельскага футбаліста, брамніка Arsenal FC і зборнай Ангеліі Aaron Ramsdale. Футбаліст падзяліўся сваёй няпростай гісторыяй посьпеху, расказаў пра ўзлёты і падзеньні, закрануў тэму сваіх узаемаадносін з фанат_камі, падзяліўся адкрытымі, сумнымі і кранальнымі момантамі з асабістага жыцьця, каб паказаць сьвету выварат посьпеху.

«Я ўжо чую каментары: “Заткніся, Ramsdale. Займайся футболам, хлопец”. Але гэта і ёсьць футбол. Футбол – для ўсіх».

«Я хачу, каб гульня, якую я люблю, была бясьпечным і гасцінным месцам для ўсіх. Я хачу, каб мой брат – ці любы чалавек любой сэксуальнай арыентацыі, расы ці рэлігіі – маглі прыходзіць на гульні, не асцерагаючыся абраз».

Заключэньне

Дэ-факта ўлады Беларусі працягваюць аказваць ціск на прадстаўні_ц спартовай індустрыі, тым самым пазбаўляючы беларускі спорт шанцу на развіцьцё. Пакараньне атлет_ак і трэнер_ак за выказваньне меркаваньня, сваёй пазыцыі і нязгоду з рэжымам у краіне зьяўляецца прыкладам паўсюднага парушэньня правоў чалавека. Нежаданьне спартовых чыноўні_ц ісьці на кампраміс і прымаць прапанаваныя варыянты ўдзелу спартсмэн_ак у міжнародных спаборніцтвах у нэўтральным статусе можа паралізаваць беларускі спорт.

Судовае рашэньне па справе Caster Semenya стала першым прэцэдэнтам, які сьведчыць аб рэальнай абароне з боку ЭСПЧ у дачыненьні да інтэрсэкс-людзей, а прыняцьце World Aquatics дакумэнта па пытаньні гендэрнай роўнасьці зьяўляецца першым у гісторыі прыкладам прасоўваньня інклюзіі такога кшталту на ўзроўні міжнародных спартовых федэрацый.

Самай яскравай падзеяй у сьвеце жаночага спорту без сумневаў стаў Чэмпіянат сьвету па футболе. Турнір аказаўся насычаным і з пункту гледжаньня выкананьня правоў чалавека – спрэчкі аб аплаце працы, акцыі ў падтрымку ЛГБТК+ супольнасьці, скандал, зьвязаны з дамаганьнямі. Усё гэта гаворыць аб тым, што сьвет жаночага спорту зьяўляецца буйной і актыўнай плятформай для прасоўваньня каштоўнасьцей правоў чалавека, а таксама іх абароны.

Сутыкненьні футбольных заўзятар_ак і іншыя формы канфліктаў паміж імі, якія могуць скончыцца нават сьмерцю, зноў нагадваюць аб неабходнасьці працы актар_ак на ўсіх узроўнях з мэтай забесьпячэньня бясьпечнага і інклюзіўнага асяродьдзя, каб футболам маглі атрымліваць асалоду ўсе, без якой-небудзь дыскрымінацыі і страху сутыкнуцца з гвалтам.

Вайна Расеі супраць Украіны закранае індустрыю спорту ў розных формах, закранаючы розныя мэханізмы рэалізацыі і абароны правоў чалавека. З аднаго боку, ладзяцца дабрачынныя спартовыя мерапрыемствы і акцыі для падтрымкі Украіны. З іншага боку, не цішэюць спрэчкі аб допуску расейскіх спартсмэн_ак да працы ў міжнародных інстанцыях.

Навіны па тэмах расізму, права на здароўе і правоў ЛГБТК+ супольнасьці дэманструюць глыбокі ўплыў спорту на грамадства і патэнцыял спартовай індустрыі ў галіне правоў чалавека. Прасоўваючы разнастайнасьць, інклюзіўнасьць і справядлівасьць, спорт здольны стаць каталізатарам пазітыўных сацыяльных зьмен.