У маўленні мы імкнемся да сцісласці і вычарпальнасці. Таму час ад часу складаным з’явам хочацца даць кароткія і ўсім зразумелыя назвы: лаканічна назваць пэўную групу людзей або апісаць кагосьці праз нейкі адметны бок іх ідэнтычнасці. (Штодзённы прыклад: тых, хто любіць прысмакі, называюць ласун або ласуха – каб падкрэсліць гэтую рысу чалавека).
Але важна, каб выказванне было не толькі зразумелым, але і безбар’ерным, тобок пабудаваным з павагай да годнасці іншых. Каб быць упэўненымі, што моўнае абазначэнне чалавека не з’яўляецца дыскрымінацыйным або абразлівым, лепей кіравацца прынцыпам «спачатку чалавек» (анг. people-first language).
Выкарыстоўваецца гэты прынцып акурат у адпаведнасці з назвай: апісваючы чалавека з пэўным досведам, трэба спачатку падкрэсліць яго суб’ектнасць, а ўжо потым – назваць вылучальныя адзнакі. Напрыклад: чалавек з расстройствам аўтычнага спектра, чалавек з сіндромам Дауна, чалавек з ВІЧ.
Прынцып «спачатку чалавек» з’явіўся ў дачыненні да людзей з асаблівасцямі здароўя – каб падкрэсліць, што кожн_ая з іх не зводзіцца да дыягназу. Пагадзіцеся, словы накшталт «хворага» або «інваліда» абязлічваюць чалавека і абмяжоўваюць уяўленне аб ім. Апісальны выраз чалавек з інваліднасцю – насупраць, не вызначае чалавека, а пакідае прастору для яго іншых якасцяў.
Моўная ўстаноўка на чалавека перадусім па аналогіі выкарыстоўваецца і ў дачыненні да іншых характарыстык: расы і нацыянальнасці, сацыяльнага і эканамічнага становішча: чалавек польскага паходжання, чалавек з досведам бежанства.
Менавіта слова досвед найбольш удала адлюстроўвае: сітуацыя, праз якую праходзіць чалавек, з’яўляецца часовай. Становішча чалавека можа змяніцца, а кожн_ая з нас — можа аказацца ў падобных абставінах.
Такі падыход дазваляе не толькі падкрэсліць персанальнасць, але і пазбегнуць цэтлікаў і абагульненняў, якія закладзены ў назвы па прыкмеце. Яшчэ адна перавага мовы, арыентаванай на чалавека: яна транслюе базавую павагу да кожн_ай. Параўнайце, як адрозніваецца ацэначнае і ганебнае кляймо «псіхбальны» ад нейтральнага выраза чалавек з расстройствам ментальнага здароўя.
Але ж чым усе гэтыя прыклады адрозніваюцца ад прыведзеных спачатку словаў ласун і ласуха? Як мінімум тым, што ў нашым моўным асяроддзі людзі не сутыкаюцца з абмежаваннямі або перадузятым стаўленнем з-за любові да салодкага. А вось па стане здароўя або па этнічным прызнаку – яшчэ як. Галоўная мэта прынцыпу «спачатку чалавек» – зрабіць камунікацыю бяспечнай і паважлівай для кожн_ай. А для гэтага трэба называць чалавека – чалавекам.