Введите верный e-mail адрес
Подписаться
Вы успешно подписались на нашу рассылку

Заява: улады Беларусі павінны неадкладна і безумоўна вызваліць жанчыну-праваабаронцу Насту Лойка

Human Constanta
22 июня 2023 Года

20 чэрвеня 2023 года Менскі гарадскі суд прыгаварыў праваабаронцу Насту Лойка да 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму ўтрымання. Судовы працэс быў зачынены для публiкi i дэталi працэса дагэтуль невядомыя. Суддзя Менскага гарадскога суда Алена Шылко прызнала праваабаронцу вінаватай ва «распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці» па частцы 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Гэтыя абвінавачанні заснаваныя на тым, што ў 2018 годзе Наста Лойка зрабіла ўнёсак у падрыхтоўку даклада аб правах чалавека, які датычыцца пераследу анархісцкай супольнасці ў Беларусі з боку дзяржавы. У гэтым дакладзе была дадзена праваабарончая ацэнка дзейнасці супрацоўні_ц праваахоўных органаў у Беларусі. Судовы працэс прайшоў хутка, прысуд быў абвешчаны падчас трэцяга паседжання суда.

16 міжнародных праваабарончых арганізацый заклікаюць да неадкладнага і безумоўнага вызвалення праваабаронцы Насты Лойка.

Наста Лойка – вядомая беларуская праваабаронца, якая працуе ў сферы адукацыі ў галіне правоў чалавека. Яна таксама займаецца аналітыкай рэпрэсіўных «антыэкстрэмісцкіх» законаў і выступае за абарону правоў мігрант_ак і асобаў без грамадзянства ў Беларусі. Улетку 2021 года беларускія ўлады, у межах спланаванай атакі супраць грамадзянскай супольнасці ў краіне, ліквідавалі арганізацыю Human Constanta, у якой раней працавала Наста Лойка. Human Constanta прасоўвала грамадскія інтарэсы і сумесныя дзеянні ў адказ на сучасныя выклікі ў галіне правоў чалавека,. У 2022 годзе Беларускі дом правоў чалавека назваў Насту Лойка праваабаронцай года.

Наста Лойка знаходзіцца пад вартай з 28 кастрычніка 2022 года. 31 кастрычніка 2022 года суд Першамайскага раёна горада Менска (Беларусь) прыгаварыў праваабаронцу Насту Лойка па абвінавачанні ў «дробным хуліганстве» па артыкуле 19.1 Кодэкса аб Адміністрацыйных Правапарушэннях да 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Потым улады чатыры разы запар падаўжалі тэрмін яе 15-дзённага арышту па абвінавачанні ў «дробным хуліганстве», пасля чаго праваабаронцу перавялі ў СІЗА. 

Цягам 58 дзён утрымання пад вартай улады падвяргалі Насту Лойку катаванням і бесчалавечнаму абыходжанню, адмаўлялі ёй у праве на атрыманне лекаў і цёплага адзення, а таксама на доступ да юрыдычнай дапамогі. У лістападзе 2022 года ў доме маці Насты Лойка быў праведзены ператрус у мэтах ціску на праваабаронцу.

24 снежня 2022 года супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі перавялі жанчыну-праваабаронцу Насту Лойка ў СІЗА №1 у Менску. Спачатку пракурорка абвінаваціла праваабаронцу ў парушэнні двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь: «распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці» па артыкуле 130, частцы 3 і «арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, якія выявіліся ў відавочным непадпарадкаванні законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або дзеяннях, якія пацягнулі парушэнне працы грамадскага транспарту, прадпрыемстваў, установаў і арганізацыяў, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства» па артыкуле 342.1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У выніку пракурорка толькі пацвердзіла парушэнне артыкула 130 часткі 3, адмовіўшыся ад другой часткі першапачатковага абвінавачання.

Разам з пераследам праваабаронцы, улады Беларусі таксама пераследвалі адвакатак-праваабаронцаў, якія выступалі ў якасці абаронцаў Насты Лойка. У лістападзе 2022 года іншая жанчына-праваабаронца і адвакатка па правах чалавека, якая бараніла Насту Лойка, Таццяна Лішанкова, была затрыманая, а пасля ўлады пазбавілі яе ліцэнзіі на занятак юрыдычнай практыкай. У сакавіку 2023 года праваабаронца і адвакатка Інэса Аленская, якая выступала ў якасці абаронцы Насты Лойка пасля Таццяны Лішанковай, не прайшла атэстацыю ў Кваліфікацыйнай камісіі пры Міністэрстве юстыцыі, што прывяло ў канчатковым выніку да пазбаўлення адвакаткі права на прафесiю.

Ніжэйпадпісаныя арганізацыі лічаць такія пераследы праваабаронцаў, якія працуюць над абаронай Насты Лойка, сістэмным парушэннем права праваабаронцаў на юрыдычную абарону i права адвакатак практыкаваць сваю прафесiю. 

Улады Беларусі арыштавалі праваабаронцу 6 верасня 2022 года каля будынку Менскага гарадскога суда, калі яна прыйшла падтрымаць праваабаронцу Марыю Рабкову, якая ў той час была асуджаная на 15 гадоў пазбаўлення волі, і праваабаронцу Андрэя Чапюка. Улады прыгаварылі Насту Лойка да двух адміністрацыйных арыштаў па 15 сутак запар па абвінавачанні ў «дробным хуліганстве». Наста Лойка не змагла атрымаць ніякіх лекаў, цёплай вопраткі і прадметаў гігіены. Яна была часова вызвалена 5 кастрычніка 2022 года, але 28 кастрычніка 2022 года яе зноў затрымалі.

Ніжэйпадпісаныя арганізацыі асуджаюць прысуд Настцы Лойка на 7 гадоў зняволення. Мы лiчым, што яна стала мішэнню для пераследу за сваю мірную і законную праваабарончую дзейнасць. Мы асуджаем ўсе фізічныя і псіхалагічныя катаванні, якім падвяргалася Наста Лойка падчас знаходжання ў ізалятары часовага ўтрымання і ў папярэднім зняволенні. Прысуд Насты Лойка адлюстроўвае сістэматычныя нападкі на беларускіх праваабаронцаў і грамадзянскую супольнасць з боку беларускіх уладаў. Мы заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызвалення праваабаронцы Насты Лойка.

Падпicанты:

ARTICLE 19 Europe
Netherlands Helsinki Committee
The Barys Zvozskau Belarusian Human Rights House

Belarusian Helsinki Committee

Belarusian Association of Journalists

International Federation for Human Rights (FIDH), within the framework of the Observatory for the Protection of Human Rights Defenders

Front Line Defenders

Human Constanta

Human Rights Centre Viasna

Human Rights Watch

Lawtrend

Legal Initiative (Belarus)

Office for the Rights of Persons with Disabilities

REDRESS

World Organisation Against Torture (OMCT), within the framework of the Observatory for the Protection of Human Rights Defenders

PEN Belarus

ПОХОЖИЕ НОВОСТИ

Наста Лойка задержана после заседания по делу «Революционного действия» — заявление

Сегодня после заседания по делу “Революционного действия” в Минском городском суде была задержана правозащитница Наста Лойка. Причины задержания остаются неизвестными.

Наста Лойка: снова под арестом, без доступа к медицинской и юридической помощи

На суде 22 сентября Наста Лойка заявила, что ей необходима медицинская помощь. Правозащитница подозревает, что заболела бронхитом из-за холода в ЦИП.

Наста Лойка задержана третий раз за два месяца

28 октября 2022 года правозащитница Наста Лойка была задержана в очередной раз. Правозащитницу назвали “мошенницей” и обвинили в “содействии экстремизму”. В тот же день в квартире Насты был проведен обыск. Техника правозащитницы была изъята.

Правозащитница Наста Лойка должна быть освобождена: совместное заявление правозащитных организаций

Власти Беларуси должны немедленно и без всяких условий освободить правозащитницу Насту Лойка.